АКУМУЛЯ́ЦЫЯ ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНЫХ РЭ́ЧЫВАЎ у арганізмах, назапашванне ў жывых істотах хім. рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Месцам акумуляцыі могуць быць розныя органы і тканкі, пры гэтым многія з забруджвальнікаў (асабліва біягеннага паходжання) здольныя паступова часткова ці цалкам утылізавацца праз уключэнне ў біяхім. цыклы арганізма; у такім выпадку шкоднасць іх (напр., нітратаў) выяўляецца не абавязкова ў самім арганізме-назапашвальніку. Стойкія забруджвальнікі дрэнна ўключаюцца ў цыкл натуральнага кругавароту рэчываў і працяглы час захоўваюцца і ў навакольным асяроддзі і ў арганізмах, якія іх акумулююць. У працэсе руху па трафічных ланцугах яны могуць ствараць значна большыя канцэнтрацыі — аж да асабліва небяспечных для існавання асобных відаў жывёл і раслін, а таксама для здароўя чалавека. Прыкладам такой акумуляцыі забруджвальных рэчываў з’яўляецца назапашванне ядахімікатаў (ДДТ і некат. інш. пестыцыдаў), многіх радыенуклідаў (стронцый-90), цяжкіх металаў і інш. Для Беларусі праблема акумуляцыі забруджвальных рэчываў вельмі абвастрылася пасля стварэння на яе тэр. буйных комплексаў хім. прам-сці і асабліва ў сувязі з яе радыеактыўным забруджваннем у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
т. 1, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)